12 красавіка 2024 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Наталлі Уладзіміраўны Прыступы (1959–2006), паэта
Наталля Уладзіміраўна Прыступа нарадзілася 12 красавіка 1959 г. у в. Малоткавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. З дзяцінства была інвалідам, не магла рухацца самастойна, рухомымі былі толькі вочы і тры пальцы правай рукі. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Рэчыцкай спецыяльнай школе-інтэрнаце, пасля чаго вярнулася дадому. У розныя гады жыла ў Пінску.
Маці, Аляксандра Рыгораўна Прыступа, родам з Гомельшчыны, скончыла фінансавы тэхнікум, працавала інспектарам у фінаддзеле, з-за хворай дачкі пакінула працу. Вяла вялікую прысядзібную гаспадарку, а яшчэ шыла, вязала і вышывала. Самаахвярная жанчына, дзякуючы якой Наталля рэалізавалася як чалавек і паэтэса. Бязмерная мацярынская любоў падняла бездапаможнае птушаня на такую вышыню, якая не пад сілу многім здаровым, парыць у паднябессі. Дачка бачыла ў маці талент адчуваць чалавека, слухаць яго і сама гэтаму вучылася.